Палітычныя адносіны
Пратакол аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Швейцарскай Канфедэрацыяй заключаны 10 лютага 1992 г. шляхам абмену нотамі. Пасольства Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі пачало сваю дзейнасць у 1993 годзе.
З 2008 г. па 2020 г. кіраўніцтва дыпмісіяй ажыццяўлялася на ўзроўні Часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі. 25 чэрвеня 2020 г. А.Д. Ганевіч назначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі. 1 верасня 2020 г. ён уручыў даверчыя граматы Федэральнаму Прэзідэнту Швейцарыі С.Самарузе.
У 2007 годзе ў г. Мінску пачало дзейнічаць бюро Дырэкцыі па супрацоўніцтве і развіцці Федэральнага дэпартамента замежных спраў, пераўтворанае ў 2010 годзе ў аддзяленне Пасольства Швейцарскай Канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь. 15 мая 2019 г. Федэральным саветам Швейцарыі прынята рашэнне аб пераўтварэнні аддзялення ў паўнавартаснае Пасольства.
Рэспубліка Беларусь мае двух ганаровых консулаў у Швейцарскай Канфедэрацыі — у г.Люцэрне і г.Фрыбуры. Са снежня 2019 г. у г.Берне працуе прадстаўнік БелТПП у Швейцарыі.
У лютым 2010 г. адбыўся візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Швейцарыю.
У лютым 2018 г. адбыўся першы ў гісторыі двухбаковых адносін афіцыйны візіт Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Швейцарскую Канфедэрацыю. Яму папярэднічала стварэнне ў снежні 2017 г. у г.Берне парламенцкай групы сяброўства Швейцарыя — Беларусь.
У чэрвені 2019 г. адбыўся рабочы візіт у Швейцарыю Першага намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Турчына А.Г. Праведзены сустрэчы са старшынёй Нацыянальнага савета, кіраўніком Федэральнага дэпартамента эканомікі, адукацыі і даследаванняў, кіраўнікамі вядучых бізнес-асацыяцый.
18 студзеня 2020 г. у г.Берне заснавана Асацыяцыя дружбы Швейцарыя-Беларусь.
13 лютага 2020 г. упершыню ў гісторыі двухбаковых адносін Рэспубліку Беларусь з рабочым візітам наведаў член Федэральнага савета, кіраўнік Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарскай Канфедэрацыі І.Касіс. Адбыліся яго сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі А.Р. Лукашэнкам і Міністрам замежных спраў Макеем У.У.
20 красавіка 2021 г. у рамках рабочага візіту Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Макея У.У. у Швейцарыю ў г. Берне адбылася яго сустрэча з віцэ-прэзідэнтам Федэральнага савета, кіраўніком Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі І.Касісам.
10 лютага 2022 г. праведзены абмен пратакольнымі пасланнямі паміж міністрамі замежных спраў Беларусі і Швейцарыі ў сувязі з 30-годдзем з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін.
30 верасня 2022 г. новы Пасол Швейцарыі К.Ханегер Залатухін уручыла даверчыя граматы Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.
7-9 лістапада 2022 г. адбыўся рабочы візіт дэлегацыі МЗС Беларусі пад кіраўніцтвам Першага намесніка Міністра замежных спраў Алейніка С.Ф. у Швейцарыю.
27 лютага 2023 г. у рамках рабочага візіту ў Швейцарыю намесніка Міністра замежных спраў Беларусі Амбразевіча Ю.Г. адбылася яго сустрэча з намеснікам Дзяржаўнага сакратара МЗС Швейцарыі П.Францэнам.
У 2024 годзе адбыўся абмен пасланнямі паміж Міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Рыжанковым М.У. і кіраўніком Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі І.Касісам.
За мінулыя гады бакамі сфарміравана дагаворна-прававая база беларуска-швейцарскіх адносін, якая ўключае дзевяць міждзяржаўных і міжурадавых міжнародных дагавораў.
Устаноўлены пабрацімскія сувязі паміж абшчынай Ітыген і горадам Добрушам Гомельскай вобласці, гарадамі Гларусам і Кобрынам.
Нягледзячы на прыкметнае зніжэнне інтэнсіўнасці беларуска-швейцарскага дыялога ў апошнія гады, захоўваюцца каналы двухбаковага ўзаемадзеяння, перш за ўсё па лініі МЗС і пасольстваў, прадаўжаецца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў гуманітарнай галіне і, перш за ўсё, у сферы аховы здароўя.