:

Да 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС

25.04.2026 г.

Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 года мела буйнамаштабныя эканамічныя і сацыяльна-псіхалагічныя наступствы. Яна паўплывала на лёсы мільёнаў людзей, запатрабавала максімальнай мабілізацыі сіл і сродкаў для пераадолення яе наступстваў.

У сілу шэрагу абставінаў менавіта Беларусь прыняла на сябе асноўны ўдар і пацярпела ад аварыі ў найбольшай ступені. На яе тэрыторыю прыпала 35 % чарнобыльскіх выпадзенняў цэзію-137. Было забруджана 23% тэрыторыі, у т.л. больш за 1,8 млн. га сельскагаспадарчых зямель (каля 20% іх агульнай плошчы), больш за 2 млн. га лясоў (каля 23%).

У выніку аварыі пацярпелі 56 раёнаў краіны, больш за 3600 населеных пунктаў з насельніцтвам каля 2,5 млн. чалавек, уключаючы 1,5 млн. дзяцей. Да найбольш пацярпелых аднесены 21 раён. 
Больш за 130 тыс. жыхароў былі адселены, яшчэ 200 тыс. чалавек самастойна пакінулі пацярпелыя тэрыторыі. З мапы Беларусі зніклі 479 населеных пунктаў у Гомельскай і Магілёўскай абласцях. 

Сумарны ўрон (уключаючы страты, звязаныя з пагаршэннем здароўя насельніцтва, страты, нанесеныя прамысловасці і сацыяльнай сферы, сельскай гаспадарцы, будаўнічаму комплексу і іншым галінам народнай гаспадаркі, затраты на ажыццяўленне мер па ліквідацыі і мінімізацыі наступстваў катастрофы) ацэньваецца ў 235 млрд. долараў ЗША, что складае 32 бюджэты рэспублікі 1985 года. 

Цягам чатырох дзесяцігоддзяў Беларусь крок за крокам аднаўляла жыццё на пацярпелых тэрыторыях. У перыяд з 1990 па 2025 гады было рэалізавана 6 дзяржаўных праграм, бюджэт якіх склаў больш за 19 млрд. долараў ЗША.

Цяпер Беларусь знаходзіцца на чарговым этапе вырашэння чарнобыльскіх праблем — ажыццёўлены пераход ад рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый да іх актыўнага адраджэння і паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця з абавязковым захаваннем неабходных мер радыяцыйнай абароны. 

Вялікая работа была праведзена па вяртанню зямель у сельскагаспадарчы абарот: з 1993 года вернута больш як 20 тыс. га зямель, якія выкарыстоўваюцца для вядзення на іх сельскай гаспадаркі з абавязковым радыелагічным кантролем прадукцыі.

У комплексе вырашаюцца пытанні сацыяльных гарантый, экалагічнага дабрабыту на аснове дасягнення дынамічнага і ўстойлівага развіцця чарнобыльскіх рэгіёнаў.

Пацвярджэннем гэтага з'яўляецца прыняцце Праграмы развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся на 2025-2030 гады. Стратэгія развіцця раёнаў зыходзіць з трох асноўных складнікаў: эфектыўная і збалансаваная эканоміка, фізічны і маральны дабрабыт, камфортнае пражыванне. Пры гэтым улічана спецыялізацыя кожнага раёна, асаблівасці вядзення гаспадарчай дзейнасці ва ўмовах выканання ахоўных мерапрыемстваў у рамках ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнка рэалізуецца маштабны праект «Развіццё паўднёва-ўсходняга рэгіёну Магілёўскай вобласці», накіраваны на ўздым эканомікі і паляпшэнне якасці жыцця ў раёнах, якія найбольш пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі.

Сацыяльная абарона грамадзян, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, уключае ў сябе прадастаўленне розных ільгот, бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне; бясплатнае харчаванне для вучняў на забруджаных тэрыторыях і шэраг іншых мер. 

У Беларусі штогод праводзіцца спецыяльная дыспансерызацыя насельніцтва, якая ахоплівае каля 1,4 млн. чалавек. Бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне штогод атрымліваюць каля 90 тыс. чалавек. 
Для аздараўлення дзяцей, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, створаны 12 дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў. 

З 2003 года ў Гомелі працуе Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Сёння гэта найбуйнейшая ў Еўропе спецыялізаваная клініка, якая аснашчана абсталяваннем апошняга пакалення. 

Унікальны вопыт назапашаны ў галіне радыяцыйнай медыцыны і рэабілітацыі тэрыторый. Беларускія навуковыя распрацоўкі ў гэтай сферы запатрабаваны ў свеце.

У Беларусі памятаюць і шануюць герояў-чарнобыльцаў, якія коштам свайго жыцця і здароўя спынілі радыяцыйную стыхію і прадухілілі яшчэ большую бяду. 

26 красавіка па ўсёй краіне праводзяцца мітынгі-рэквіемы. Штогод у гэты дзень на цэнтральнай плошчы Брагіна, размешчанага за 45 км ад рэактара, праходзіць памятнае мерапрыемства каля манумента адселеным вёскам і бюста пажарнага Васіля Ігнаценкі, імем якога названа адна з вуліц у г.Мінску. 

Чарнобыльская тэматыка знаходзіць адлюстраванне ў творчасці, творах культуры і мастацтва. 

Памяць аб наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС неабходна захоўваць як даніну павагі мужнасці і подзвігу ліквідатараў, як бясцэнны ўрок і перасцярогу будучым пакаленням.

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці