:

80 гадоў з дня Хатынскай трагедыі

22.03.2023 г.
 
80 гадоў таму – 22 сакавіка 1943 г. – на Зямлі не стала Хатыні. Была спалена дашчэнту яшчэ адна мірная беларуская вёсачка. Ад рук карнікаў загінулі амаль усе яе жыхары: 149 чалавек, з якіх 75 – дзеці.
 
З дамоў карныя атрады выгналі старых, дзяцей, жанчын і мужчын. Хворых і нямоглых падштурхоўвалі прыкладамі. Усіх сагналі ў адрыну і падпалілі. Пад ціскам дзесяткаў чалавечых целаў не вытрымалі і паваліліся дзверы. У палаючай вопратцы, ахопленыя жахам, людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, фашысты расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў. Наймалодшаму жыхару Хатыні было толькі 7 тыдняў.
 
З успамінаў адзінага ацалелага ў трагедыі дарослага, “Няскоранага” Іосіфа Камінскага: “І мяне павялі ў тую адрыну… Дачка, сын і жонка – там. І людзей столькі нагналі, што руку не падымеш… Запалілі зверху, гарыць страха, агонь на людзей сыплецца, давяцца гэтыя людзі, так сціснулі, што ўжо і дыхаць няма магчымасці… Тут дзверы расхінуліся, а людзі не выходзяць. Што такое? А там страляюць, кажуць. Я сыну кажу: “Паўз галовы, паўз галовы трэба!”. Сын выскачыў таксама. Адбег метраў пяць – яго і паклалі. “Падымайся, яны паехалі ўжо!”, – кажу. Стаў яго выцягваць, ажно ў яго і вантробы ўжо… Спытаў яшчэ толькі, ці жывая маці… Не дай Бог нікому, хто на Зямлі жыве, каб не бачылі і не чулі гора такога”.
 
Трагедыя Хатыні – адзін з фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў дачыненні да насельніцтва Беларусі.
 
Хатынь увасабляе звыш 9000 сёлаў і вёсак Беларусі, многія з якіх былі спалены разам з людзьмі і ўжо ніколі не адрадзіліся.
 

Версія для друку

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці