26 красавіка – міжнародны дзень памяці пра Чарнобыльскую катастрофу
25.04.2025 г.26 красавіка 1986 г. свет быў узрушаны страшнай трагедыяй: выбух на Чарнобыльскай АЭС у паўночнай частцы Ўкраіны недалёка ад мяжы з Беларускай ССР стаў найбуйнай тэхнагеннай катастрофай за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі. Радыёактыўнае забруджванне назаўжды змяніла жыцці мільёнаў людзей.
Для Беларусі катастрофа на Чарнобыльскай АЭС мае асаблівае значэнне — ад аварыі пацярпелі тэрыторыі, якія складаюць каля 23% агульнай плошчы краіны. Больш за тры з паловай тысячы населеных пунктаў былі адселены поўнасцю або часткова, а амаль 500 з іх зніклі назаўжды.
Беларускай дзяржавай пры падтрымцы міжнародных партнёраў была праведзена вялікая работа па пераадоленню наступстваў тэхнагеннай катастрофы. У краіне рэалізаваны пяць дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, на рэалізацыю якіх накіравана больш за 19,3 млрд. долараў ЗША.
За 39 гадоў плошча забруджвання тэрыторыі Беларусі цэзіем-137 зменшылася практычна ўдвая. Пры гэтым, як прагназуюць вучоныя, апошні населены пункт краіны выйдзе з зоны радыеактыўнага забруджвання да 2090 года.
Чарнобыльская катастрофа выклікала ў свеце хвалю салідарнасці і гатоўнасці аказаць падтрымку пацярпелым рэгіёнам Беларусі. Сотні чарнобыльскіх ініцыятыў з розных краін, уключаючы Швейцарыю, унеслі істотны ўклад у пераадоленне яе наступстваў, у тым ліку праз накіраванне гуманітарных грузаў і арганізацыю аздараўлення беларускіх дзяцей.
Беларусь удзячная міжнародным партнёрам, якія не засталіся абыякавымі да пакутаў людзей на забруджаных тэрыторыях і аказалі пасільную дапамогу.
Сімвалічным з'яўляецца абвяшчэнне Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый падчас сваёй 71-й сесіі пры падтрымцы 60 дзяржаў — членаў Арганізацыі 26 красавіка Міжнародным днём памяці аб чарнобыльскай катастрофе.
Пераадоленне доўгатэрміновых наступстваў чарнобыльскай аварыі патрабуе маштабных нацыянальных намаганняў і фарміравання новых партнёрстваў для заахвочвання ўстойлівага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, прыцягнення інавацый і інвестыцый.