26 красавіка — Міжнародны дзень памяці аб чарнобыльскай катастрофе
07.05.2024 г.26 красавіка 1986 г. адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС у паўночнай частцы Украіны, недалёка ад мяжы з Беларускай ССР.
У выніку выбухаў на 4-м энергаблоку рэактар быў цалкам разбураны. Аварыя суправаджалася пажарамі і выкідамі радыёактыўных рэчываў.
Радыёактыўнае воблака прайшло над СССР, Скандынавіяй, Усходняй Еўропай і закранула больш за 20 краін. Забруджванне тэрыторыі Беларусі склала 23% агульнай плошчы. Каля 35% чарнобыльскіх выпадаў цэзія-137, асноўнага радыёнукліда, які фарміруе дозу апраменьвання насельніцтва, прыйшлося на тэрыторыю Беларусі.
Беларускай дзяржавай пры падтрымцы міжнародных партнёраў была прароблена каласальная праца па пераадоленні наступстваў тэхнагеннай катастрофы. Беларусь з 1996 года накіравала на гэтыя мэты звыш 19,5 млрд. долараў. Пройдзены значны шлях ад рэалізацыі тэрміновых ахоўных мер, рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый да ажыццяўлення мерапрыемстваў па іх адраджэнні.
За 38 гадоў плошча забруджвання тэрыторыі Беларусі цэзіем-137 зменшылася практычна ўдвая. Як адзначаюць навукоўцы, апошні населены пункт краіны выйдзе з зоны радыёактыўнага забруджвання да 2090 года. Аднак большасць беларускіх вёсак і гарадоў перастануць знаходзіцца ў зоне радыёактыўнага забруджвання да 2030-2040-х гадоў.
У перыяд з 2001 да 2010 гг. Дырэкцыя па супрацоўніцтве і развіцці Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі займалася рэалізацыяй у Беларусі праграм па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі (агульны бюджэт склаў 25 млн. шв. франкаў). Цягам многіх гадоў, да пандэміі COVID-19, дабрачынныя швейцарскія арганізацыі прымалі на аздараўленне школьнікаў з пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС рэгіёнаў Беларусі.