Кінапаказ фільма «Чарнобыль. Жывая Зямля.» прайшоў у г.Берне
27.04.2026 г.У рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, Пасольствам Беларусі ў Швейцарыі 26 красавіка ў грамадскім кінатэатры г.Берна быў арганізаваны кінапаказ дакументальнага фільма «Чарнобыль. Жывая зямля» вытворчасці кінастудыі «Беларусьфільм». Карціна прысвечана гісторыі ліквідацыі наступстваў тэхнагеннай катастрофы і карпатлівай рабоце па адраджэнні пацярпелых раёнаў Рэспублікі Беларусь.
Як адзначыў у сваім прывітальным слове Пасол Беларусі ў Швейцарыі Аляксандр Ганевіч, чатыры дзесяцігоддзі Беларусь крок за крокам аднаўляла жыццё на пацярпелых тэрыторыях. Краіна прайшла няпросты шлях ад ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі да адраджэння і ўстойлівага развіцця рэгіёнаў, якія, як многім падавалася, застануцца непрыдатнымі для жыцця яшчэ доўгія гады.
Кіраўнік беларускай дыпмісіі асабліва акцэнтаваў маштабную работу, праведзеную па вяртанні пацярпелых зямель у сельскагаспадарчы абарот, унікальны вопыт Беларусі ў радыяцыйнай медыцыне, рэабілітацыі тэрыторый, арганізацыі аховы здароўя грамадзян. Сёння беларуская экспертыза і адпаведныя практычныя напрацоўкі запатрабаваны ва ўсім свеце.
Аляксандр Ганевіч адзначыў, што памяць аб наступствах аварыі на ЧАЭС неабходна захаваць як даніну павагі мужнасці і подзвігу герояў-чарнобыльцаў, якія цаной жыцця і здароўя спынілі радыяцыйную стыхію, як бясцэнны ўрок і перасцярогу будучым пакаленням.
Гасцямі кінапаказу сталі каля 80 чалавек, у тым ліку супрацоўнікі дыпмісій Беларусі і Расіі і члены іх сем'яў, прадстаўнікі беларускай і расійскай дыяспар, швейцарскай грамадскасці.